МАГІЛЁЎСКАЯ АБЛАСНА́Я ФІЛАРМО́НІЯ.

Створана ў 1990 у Магілёве пры Упраўленні культуры аблвыканкома на базе гастрольна-канцэртнага аддзялення Белдзяржфілармоніі. У яе складзе (1999): мужчынскі камерны хор «Унія» (маст. кіраўнік і дырыжор К.Насаеў), аркестр нар. інструментаў (маст. кіраўнік і гал. дырыжор Л.Іваноў), камерны інстр. ансамбль «Барыня», шоу-балет, гурты — вак.-інстр. «03», сямейны нар. спеваў «Весялуха», эстр.-цыркавыя «Казіно смеху» i «М+М», «Цырк на сцэне» і інш.; сярод артыстаў — спявачкі І.Абалян, А.Мацярынка, Н.Шарубіна, флейтыст У.Буры, ілюзіяніст С.Фельдман. У філармоніі пачынаў творчую дзейнасць А.Цівуноў, у яе студыі па падрыхтоўцы маладых артыстаў вучыліся спевакі С.Франкоўскі, А.Кавалеўскі. Вядзе актыўную дзейнасць па арганізацыі і правядзенні муз. фестываляў і конкурсаў, свят горада, у т.л. міжнар. фестывалю «Залаты шлягер» (з 1995), «Фестывалю харавой музыкі» (1991), міжнар. эстр. імпрэзы «Беларусь збірае сяброў» (1993), эстр. фэсту «Рэха «Славянскага кірмашу» (1994), «Магілёўскай музычнай вясны» (1995), «Каляднага фестывалю» i IV Сусв. кангрэса цымбалістаў (1997), Міжнар. пленэраў па жывапісе імя В.К.Бялыніцкага-Бірулі (у святкаванні 125-годдзя з дня яго нараджэння ўдзельнічалі камерныя аркестры «Віртуозы Масквы» і «Вівальдзі-аркестр» пад кіраўніцтвам С.Бязроднай), удзельнічае ў фестывалі «Беларуская музычная восень», у працы міжнар. дабрачыннага Фонду У.Співакова. З 1997 прадстаўніцтва філармоніі працуе ў Мінску. Дырэктар і маст. кіраўнік філармоніі У.Браілоўскі.

Аркестр народных інструментаў Магілёўскай абласной філармоніі.

т. 9, с. 454

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)